Гавораць, што агульныя інтарэсы аб’ядноўваюць, а сумесная праца ўмацоўвае адносіны. Гісторыя маладой сям’і Рамана і Кацярыны Гаўрыловічаў (на здымку), работнікаў філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, – яркі таму прыклад. Яны маладыя, поўныя сіл і энергіі, а іх сямейны і працоўны саюз утварыўся на роднай Докшыцкай зямлі.
Кацярыне ўсяго 19 гадоў, але да сваёй прафесіі адносіцца з усёй адказнасцю. Пасля заканчэння дзевяці класаў дзяўчына вырашыла звязаць жыццё з будаўнічай сферай.
– Бачыла, як прыгожа і спрытна працуюць дзяўчаты-аддзелачніцы, як мяняюць сваё аблічча будынкі. Вырашыла, што і я так хачу! – успамінае яна.
Каця адправілася ў сталіцу, дзе паспяхова асвоіла некалькі спецыяльнасцей: маляра, тынкоўчыка і абліцоўшчыка-плітачніка. Некаторы час працавала ў Мінску ў будаўнічай арганізацыі, але шумны горад так і не скарыў яе. Душа рвалася дадому, у родны аграгарадок Бярозкі.
– У вялікім горадзе ўсё чужое, – прызнаецца яна. – Вельмі хацелася вярнуцца на радзіму, дзе ўсё сваё, блізкае і знаёмае.
Раману 22 гады. У свой час ён закончыў каледж у Лепелі і атрымаў дыплом тэхніка-механіка. У 2024 годзе малады чалавек уладкаваўся на працу ў філіял № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” мантажнікам будаўнічых канструкцый і зараз з’яўляецца ўніверсальным работнікам. Яго рукамі абноўлены пасля капітальнага рамонту шматпавярховікі на вуліцах Ленінскай, Кастрычніцкай і Школьнай у Докшыцах, а таксама некаторыя аб’екты ў суседнім Глыбоцкім раёне. Рома – майстар на ўсе рукі, таму паспяхова сумяшчае асноўную работу з абавязкамі вадзіцеля.
Менавіта Раман стаў ініцыятарам таго, каб Каця вярнулася не проста ў раён, але і ўладкавалася ў філіял. Дзяўчына прыняла прапанову і ніводнага разу аб гэтым не пашкадавала. Цяпер яны абое працуюць у адным калектыве.
Кацярына – тынкоўшчык трэцяга разраду. Дарэчы, нягледзячы на цяжкую работу, калі трэба пастаянна ўпраўляцца са шпатэлем і растворам, ёй не перашкаджае мець заўсёды акуратныя, дагледжаныя рукі з прыгожым манікюрам.
Літаральна два тыдні таму Раман і Каця згулялі вяселле. Роднае прадпрыемства не засталося ў баку ад гэтай важнай падзеі і пацвердзіла, што клопат пра сваіх маладых спецыялістаў не проста словы. У адпаведнасці з калектыўным дагаворам, распрацаваным для работнікаў, маладажонам, якія ўступаюць у шлюб, выплацілі матэрыяльную дапамогу: па 14 базавых велічынь кожнаму з сужэнцаў.
Пакуль маладая пара вымушана здымаць кватэру, але ў рашэнні іх жыллёвага пытання ўжо намечана перспектыва. Кіраўніцтва філіяла прапанавала сваім спецыялістам стаць на чаргу для атрымання ў далейшым арэнднага жылля.

























